Як пачаць размаўляць па-беларуску?
Простыя парады:
1. Пазбаўцеся страхаў
Я кепска размаўляю па-беларуску, таму лепш не псаваць сваімі памылкамі гэтую цудоўную мову. – Ніводная нацыя ў свеце не размаўляе на літаратурнай мове! Нават беларускія пісьменнікі кожны мае “свой варыянт” мовы, з дамешкамі і рэгіянальнымі асаблівасцямі.
2. Папаўняйце свой слоўнікавы запас
Пачніце з пасіўных спосабаў: чытайце кнігі, глядзіце агучаныя па-беларуску фільмы, слухайце беларускамоўную музыку, чытайце беларускамоўныя сайты і газеты, усталюйце на кампутары праграмы з беларускім інтэрфейсам. На сайтах, дзе гэта дасяжна, пераключайцеся на беларускую мову. Тое самае – з банкаматамі, інфакіёскамі і г.д.
3. Пішыце па-беларуску
Калі вам складана пачаць размаўляць – пачніце з пісьмовай мовы. Мэйлы, эсэмэскі, паведамленні ў інтэрнэце, допісы ў сацсетках. Пры гэтым вы маеце час абдумаць напісанае, зазірнуць у слоўнік (slounik.org). Вашыя знаёмыя пачнуць звыкацца да вас беларускамоўнага, а вы знойдзеце новых беларускамоўных знаёмых.
4. Звяртайцеся па-беларуску да незнаёмцаў
Псіхалагічны бар’ер прасцей за ўсё пераадолець з незнаёмымі людзьмі, якіх вы бачыце першы і апошні раз. Гэта прасцей, чым адразу пачаць размаўляць па-беларуску з бацькамі ці сябрамі, з якімі ўсё жыццё вы гутарылі па-руску.
5. Наведвайце беларускія імпрэзы
Чуць жывую мову – вельмі важна, каб хутчэй авалодаць ёй самому. Да таго ж, на такіх імпрэзах вы можаце здабыць новыя знаёмствы – і пашырыць свой беларускамоўны асяродак. Яшчэ адзін спосаб – вандроўкі з беларускамоўнымі экскурсаводамі і краязнаўцамі.
6. Пачніце ўжываць мову ў побыце
Спачатку ў сям’і, потым на працы – у звыклых вам асяродках. Старайцеся размаўляць павольна і прыгожа – каб суразмоўцам было яшчэ прасцей разумець вас. Гэта яшчэ болей прыхіне людзей да вас.
7. Набярыцеся цярпення
Для таго, каб пачаць не толькі размаўляць, але і думаць, сніць сны па-беларуску, вам спатрэбіцца час. Але мэта таго вартая, бо разам з моваю вам адкрыецца ўнікальны беларускі сусвет!
ШАНУЙЦЕ РОДНУЮ МОВУ
Яшчэ ў далёкай старажытнасці людзі здабывалі агонь, прыручалі жывёл, навучыліся апрацоўваць зямлю, вырошчваць ураджай, будаваць масты, вадзіць па вадзе караблі… Буйнейшымі заваёвамі чалавечага розуму ў пазнейшыя часы сталі паравая машына, электрычнасць, радыё, самалёты. А яшчэ пазней вялікім цудам з’явіліся штучныя спадарожнікі Зямлі, касмічныя караблі і выхад чалавека ў космас…
Але ўсё гэта стала магчымым, бадай, таму, што ў людзей даўным-даўно з’явілася мова. Менавіта яна вывела чалавекаў свет розуму.
Мова... Наша родная мова... Колькі мілагучнасці, таемнасці ў гэтым слове. Залатыя лісцікі на дрэвах, кожная птушка, кожная кветка і, канешне, чалавек — усе маюць сваю мову. «Самы найвялікшы і бясспрэчны закон жыцця — гэта людская мова, праз якую чалавек стаў вышэй за ўсіх істот пад сонцам», — пісаў знакаміты Янка Купала. Сапраўды, чалавечую мову нельга параўнаць з мовай птушак, жывёл, раслін. Яна з'яўляецца больш прыгожай, мілагучнай, дзякуючы ей людзі размаўляюць, вучацца, дасягаюць сваей мэты. Роднае слова з’яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа. Яго з пашанай называюць люстэркам культуры і формай яе існавання. Родная мова з’яўляецца формай існавання і захавання народных традыцый, звычаяў, духоўных скарбаў, спосабам і сродкам развіцця нацыянальнай культуры.
Але нашу родную мову трэба аберагаць, трэба не саромецца яе. Памятаеце, як у далёкія часы пакутавалі людзі, якім трэба было адрачыся ад роднай мовы, ад радзімы. Цяпер мы павінны адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы.
Мова — гэта душа народа. Нагадаем словы народнага песняра Янкі Купалы: “Гэта душа душы беларуса — мова зраслася з ім, як зрастаецца са сваім коранем дрэва. Падкапайце яго, абсячыце дазвання яго корань — дрэва засохне, перастане жыць”.
Купала сцвярджаў, што вырачыся роднага слова — тое ж самае, як вырачыся роднай маці. І ачуняць, глянуць па-арлінаму смела, на думку песняра, мы зможам толькі тады, калі пад кожнай страхой, кожным дахам зойме пачэснае месца наша родная беларуская кніжка.
На вялікі жаль, мы рэдка задумваемся пра свае карані. А, магчыма, каб задумваліся, былі б болей памятлівымі, болей абачнымі і адказнымі, з большай цеплынёй ставіліся да людзей, што пакінулі нам вялікую спадчыну — нашу мову.
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Аб ей мне баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полі дуб апалены...
Янка Купала
Мова — гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек.
Мы павінны абараняць нашу мову, не саромецца яе, паважаць яе самі, а таксама прывіць любоў і павагу да яе нашым дзецям.
“Трапяткая і сіняя, як васілёк, і гарачая, як прамень” — так назваў родную мову наш таленавіты пісьменнік і паэт, непераўзыдзены рамантык Уладзімір Караткевіч.
І хочацца верыць, што наша родная мова заўседы застанецца любiмай, паважанай i ўвогуле, самай лепшай.