Святкавалі з народам
Выступіўшы на юбілейнай вечарыне, прысвечанай 135-годдзю ўстановы адукацыі, якая адбылася 5 кастрычніка 2019 г., Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны фальклорны гурт “Берагіня” пачаў збірацца на абласное свята “Дажынкі”.
Удзел у традыцыйным свяце беларускага хлебароба, якое праводзілася 12 кастрычніка 2019 г. у горадзе Барысаве, прынялі 23 школьнікі і 5 педагогаў калектыва “Берагіня” ДУА “Мётчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Барысаўскага раёна”. Узначаліла дэлегацыю дырэктар установы Т.І.Варона. Далучыліся да выступлення былыя берагінцы – навучэнцы БДК і студэнты ВНУ.
Выступалі на адной са шматлікіх пляцовак, арганізаваных на ДСУ “Барысаў-Арэна”.
У праграме гурту былі народныя гульні, парныя і гуртавыя танцы, музыка і прыпеўкі. Сваё майстэрства імправізацыі, уласцівай народнаму мастацтву, прадэманстравалі малодшыя і старэйшыя берагінцы. Узнагародай артыстам за станоўчыя эмоцыі былі апладысменты гледачоў, агульная полька і фотаздымкі з казачнымі персанажамі, якія паўсюль весялілі народ.
Канечне ж, хлопцы і дзяўчаткі абышлі ўсе пляцоўкі вакол “Барысаў-Арэны”, на свае вочы пабачылі, якая вялікая колькасць раёнаў у Мінскай вобласці, як старанна і дасціпна падрыхтавалі яны свае падворкі. Асабліва ўразіла выстава караваяў – сімвалаў працалюбства, дабрабыту і прыгажосці душы беларускага народа.
Паспыталі дзеці і розныя прысмакі, якія прадаваліся на кожным кроку. Не перашкаджала нават халоднае надвор’е, бо сагравала еднасць людзей, якія ганарыліся за свой горад, за Барысаўскі раён, кіраўнікі якога вельмі годна і ўмела арганізавалі такое вялікае народнае свята.
Паўсюль гучала музыка, выступалі творчыя калектывы, і “Берагіня” адчувала сваю прыналежнасць да вялікай місіі мастацтва – прыносіць людзям радасць і асалоду.
Телефоны: 8017-7-774-360, 8017-7-774-390, 8017-7-774-372
Email: upkmetcha@rooborisov.by