Нам 135 год
Шмат гасцей сабралася ў мінулую суботу ў дзяржаўнай установе адукацыі «Мётчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа Барысаўскага раёна».
Вучні і настаўнікі – былыя і сённяшнія – спяшаліся сюды, каб разам адзначыць важкі школьны юбілей – 135-годдзе. Яны зрабілі па знаёмым маршруце праз алею некалькі дзясяткаў крокаў, каб трапіць на гэтую сустрэчу і акунуцца ў непаўторную атмасферу дзяцінства, юнацтва, сяброўства.
05 кастрычніка галоўнай аздобай установы адукацыі стала мора ўсмешак. На ўрачыстасць запрасіў школьны званок. Свята пачалося!
У актавай зале вядучыя Антаніна Анатольеўна Абрамовіч і Алена Валер’еўна Крачкоўская віталі гасцей. Школа адзначае не проста Дзень настаўніка, а свята мудрасці, ведаў.
Бачны шчаслівыя твары вучняў, настаўнікаў, настаўнікаў-ветэранаў, работнікаў школы, гасцей.
Вось яна, сустрэча пакаленняў. Школа – гэта жыццё. І ад добрых слоў і пажаданняў на душы ў кожнага з прысутных становіцца цяплей.
Настаўнікі-філолагі Алена Уладзіміраўна Сусолкіна і Марыя Васільеўна Касцюковіч расказвалі, год за годам гарталі летапіс школы, называлі прозвішчы ветэранаў педагагічнай працы і маладых настаўнікаў, а на экране ажывала гісторыя. Палонік Галіна Станіславаўна, Лайкова Любоў Фёдараўна, Каптур Валерый Раманавіч, Іванова Вольга Іванаўна, Ржавуцкая Аліна Якаўлеўна і інш. далі пуцёўку ў жыццё, навучылі разумнаму, добраму, вечнаму не адно пакаленне мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак.
Хвілінай маўчання ўшанавалі педагогаў, якіх сёння, на жаль, ужо няма сярод жывых, але памяць пра іх назаўжды ў сэрцах удзячных вучняў і калег. Са слязамі на вачах слухалі песню М. Бернеса «Журавли».
З юбілеем школу і ўсіх, хто сабраўся на свята, павіншавала упраўляючая справамі Мётчанскага сельскага выканкама Марына Фёдараўна Джуган. Яна падкрэсліла, што школе заўжды шанцавала на граматных кіраўнікоў і таленавітых, адданых справе педагогаў. Людміла Уладзіміраўна Кажэўка, якая ўзначальвае мясцовы сельскі дом культуры таксама павіншавала і ўручыла падарунак.
Былы дырэктар школы Уладзімір Піліпавіч Лайкоў успамінаў першы 110-гадовы гадовы юбілей школы, які адбыўся дзякуючы заснавальніку школьнага летапісу Міхаілу Ісакавічу Вінакураву.
На юбілейным святкаванні было нямала душэўных, шчырых момантаў. Былі песні, музыка, вершы. Удзельнікі Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага фальклорнага гурта «Берагіня» парадавалі гасцей сваім мініканцэртам. Выступілі, як заўсёды, прыгожа, ярка, адметна.
Дырэктар установы Таццяна Іванаўна Варона ў сваім віншаваным слове падзякавала педагагічнаму калектыву школы за плённую, зладжаную працу, граматамі і падзякамі адзначыла поспехі і дасягненні ў дзейнасці шэрагу настаўнікаў і тэхнічных работнікаў.