Наша Берагиня
Конкурс народнага танца “Ветразь”
21 красавіка 2018 года Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Берагіня” ДУА “Мётчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Барысаўскага раёна” прыняў удзел у чарговым мерапрыемстве Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Кастрычніцкага раёна г. Мінска. З “Ветразем” наша ўстанова адукацыі даўно падтрымлівае творчыя сувязі і адгукаецца на ўсе яго запрашэнні, якія тычацца мерапрыемстваў па рэалізацыі праграмы “Традыцыйная культура і моладзь”. Тым самым мы папулярызуем мастацкія традыцыі свайго рэгіёну ў самой сталіцы і даём магчымасць нашым навучэнцам знаёміцца з адметнасцямі народнага мастацтва іншых рэгіёнаў Беларусі . Акрамя таго, творчыя паездкі ў сталіцу спрыяюць сацыялізацыі дзяцей і падлеткаў і фарміраванню навыкаў правільных паводзін у грамадстве, садзейнічаюць раскрыццю грамадскага і мастацкага патэнцыялу асобы. На гэты раз “Берагіня” прыняла ўдзел у IV адкрытым конкурсе народнага танца “Ветразь”, які адбыўся на базе СШ № 168 г. Мінска. Конкурс ладіўся пры падтрымцы Упраўлення адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска, Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, Грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд культуры” і іншых устаноў і арганізацый, ахопліваў узроставыя катэгорыі дзяцей, падлеткаў і моладзі ад 9 да 30 гадоў. Удзельнічалі ў ім больш за 40 танцавальных пар з г. Мінска (агульнаадукацыйныя школы і каледж мастацтваў) і Мінскага раёна, а таксама Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, Слуцкага і Барысаўскага раёнаў Мінскай вобласці. Акрамя парных танцаў, канкурсанты выконвалі сольныя імправізаваныя танцы “Мікіта” (танец на скрыжаваных палках) і “Чобаты” (танец на працоўную тэматыку).
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Берагіня” прадставіў на конкурс 7 танцавальных пар і 5 салістаў. Конкурс праходзіў у атмасферы відовішчнага спаборніцтва і (як заўсёды бывае там, дзе галоўнай дзеючай асобай выступае народны танец) духоўнага яднання. Заваяваць дыпломы пераможцаў было нялёгка. Тым не менш берагінцы дадалі ў скарбонку сваіх поспехаў важкія ўзнагароды.
Дыпломы ўдзельнікаў конкурсу атрымалі Кудзін Кірыл і Дрозд Надзея, Жукаў Сяргей і Раджабава Ксенія, салістка Абрамовіч Таццяна. Дыпломамі фіналістаў узнагароджаны Абрамовіч Ягор і Сасуноўская Настасся, Гузан Іван і Якавец Вольга, а таксама салісты Сасуноўская Настасся, Якавец Вольга, Мацюшонак Сяргей. Дыплом ІІІ ступені атрымалі Рымша Дзяніс і Абрамовіч Таццяна, ІІ ступені – Раджабаў Дзмітрый і Абыдзенкава Валерыя. Нарэшце, пераможцамі сталі Кавальчук Аляксей і Гірына Аляксандра (дыплом І ступені). У конкурсе салістаў у намінацыі “Мікіта” дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана Гірына Аляксандра.
Усе танцавальныя пары і салісты былі падрыхтаваны да конкурсу мастацкім кіраўніком “Берагіні” Міколам Аляксеевічам Козенкам.